Саш і воцат
Ёсць аматары лічыць калорыі ў харчах. Таму на паліцах кнігарняў вышнураваліся томікі з назваю “Лічыльнік калорый”. Можаш набыць папяровы “лічыльнік” і даведацца пра колькасць калорыяў у сваім сняданку. Забаўка як забаўка, гульня як гульня, прынамсі, да таго моманту, пакуль яна не ператвараецца ў абсурд. Калі навукоўцы паспрабавалі вылічыць адзін-адзіны прадукт харчавання, каларыйнасць якога дазволіла б пражыць чалавеку цэлы год, у іх атрымалася прыбліза семдзесят літраў воцату. Пасля такога навуковага адкрыцця можна з лёгкім сэрцам закрыць тэму каларыйнасці. Я так і зрабіў, пасмяяўшыся, бо звесці свой кулінарны рацыён да аднаго воцату не захацеў, зразумела. Але тэма выплыла зноўку, калі я пабачыў, як Саш прынюхваецца да кнігі ў букіністычнай краме. “Не пахне!” – сказаў ён і вярнуў кніугу на паліцу. “Чым яна павінна была пахнуць?” – “Воцатам!” – “Чаму?” – “У Мінску ёсць калекцыянер, які збірае кнігі пра д’ябла. Асобнікі з ягонай бібіятэкі пахнуць воцатам…” Такая дэталь мяне зацікавіла, я спытаў у Саша пра імя калякцыянера, але ён не захацеў раскрываць таямніцы. Калекцыянеры – людзі скрытныя. Настойваць не мела сэнсу. Захоча сказаць – скажа, не захоча – застанецца з таямніцаю сам на-сам. Зразумела, што збіральнікі кніжак імкнуцца зрабіць сваю калекцыю непаўторнай і адметнай. Раней ці пазней, яны прыходзяць да высновы, што самыя рэдкія, а таму і самыя каштоўныя выданні знітаваны з д’яблам, бо кніжкі пра яго вынішчаліся ва ўсе часы, ва ўсіх дзяржавах і пры ўсіх уладах. Выхваляцца кнігазборам пра д’ябла разумны чалавек не стане, а нават выпадкова прагаварыўшыся пра сваё захапленне, пастараецца адрачыся ад уласных словаў. Таму і Саш праз некалькі месяцаў спакойна сказаў мне, што пра кнігі з пахам воцату ён мне нічога не гаварыў. Маўляў, я выдумляю абы што, начытаўыся Пшыбышэўскага. Сапраўды, я чытаў “Сінагогу сатаны” Станіслава Пшыбышэўскага, перакладзеную з нямецкай мовы на расейскую Кайранскім. Чытаў, бо менавіта яе і абнюхваў Саш перад тым, як параіць мне набыць і прачытаць кнігу. Чытаючы Пшыбышэўскага, я падумаў, што кнігі пра д’ябла і мусяць пахнуць воцатам, бо кнігі пра Хрыста павінны пахнуць віном і вінаградным сокам.